РЭНТГЕ́НАЎСКАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,

сукупнасць метадаў даследавання атамнай структуры па рэнтгенаўскіх спектрах выпрамянення і паглынання. Для атрымання рэнтгенаўскіх спектраў доследнае рэчыва бамбардзіруюць электронамі ў рэнтгенаўскай трубцы або ўзбуджаюць яго флуарэсцэнцыю пад дзеяннем рэнтгенаўскага выпрамянення.

Рэнтгенаўскія спектры выпрамянення даследуюць па залежнасці інтэнсіўнасці выпрамянення ад энергіі фатона, спектры паглынання — па залежнасці масавага каэфіцыента паглынання ад энергіі ўзбуджэння. Метады Р.с. выкарыстоўваюцца для вызначэння зараду іонаў у малекулах газаў, вадкасцей і цвёрдых цел; вывучэння размеркавання валентных электронаў і свабодных дазволеных станаў па энергіях, шырыні размеркавання Фермі ў металах і сплавах і інш.

А.​Р.​Дутаў.

т. 14, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)